Вандроўны тэатр «Шатландская пяхота»

Шатландцы? На Беларусі? У Мсціславе? Менавіта так. Сёлета ўпершыню на рыцарскі фэст да нас завітаюць гарачыя шатландскія хлопцы. Вандроўны тэатр «Шатландская пяхота» (г. Маладзечна) — удзельнік шматлікіх фэстаў і святаў па ўсёй Беларусі. Іх асноўны накірунак дзейнасці — тэатралізацыя, быт і жыццё сапраўдных шатландскіх ваяроў. Гэта відовішчныя шоу, якія цікава паглядзець, паслухаць і нават стаць іх удзельнікам. Як расказаў адзін з заснавальнікаў тэатра, Аляксандр Шоць, ідэя стварэння прыйшла да іх яшчэ ў 2011 годзе. Яны збіралі факты з гісторыі з’яўлення шатландскіх наёмнікаў на Беларусі, рыхтавалі і прыдумвалі арыгінальныя касцюмы, музыку, прыдумавалі нумары і тэатралізацыю. І вось ужо два гады яны актыўна ўдзельнічаюць у сярэднявечных рэканструкцыях, святах і фэстах у Беларусі.

Здаецца, дзе Шатландыя, а дзе Беларусь, а аказваецца «шкоты» ці «шоты» былі вядомы на нашых землях. Гісторыя сведчыць, што яны пераважна сяліліся ў гарадах і пасёлках, якія належалі літоўскім магнатам-кальвіністам. Асабліва вялікія паселішчы шкотаў у XVII стагоддзі існавалі ў рэзідэнцыях кальвінісцкай галіны Радзівілаў — Слуцку і Кейданах. Па ўспамінах П. Гордана, Януша Радзівіла і яго сына Багуслава, яны «мелі кампанію цалкам або пераважна з шатландцаў». У войнах Рэчы Паспалітай з Расіяй шатландцы ўдзельнічалі як наёмнікі з абодвух бакоў. Іх вельмі цанілі за выдатную вайсковую службу і прафесійнае валоданне зброяй.

Несуменна, вандроўнаму тэатру «Шатландская пяхота» ёсць што паказаць гасцям свята. Па-першае, усё дзеянне разгорнецца на фоне старажытнай арыгінальнай музыкі. Па-другое, вас чакае захапляльнае шоу, бо ваяры ідуць у бой па-сапраўднаму. Яны называюць сябе «жывым тэатрам», таму верагодна, у нейкі час вам стане нават крыху страшнавата ад рэальнасці дзейства. І, нарэшце, шатландская пяхота выдатна валодае рознымі відамі халоднай зброі, мала таго, яны самі запросяць вас адчуць сябе воінам, навучаць трымаць у руках зброю і нават прапануюць пераапрануцца ў старажытны строй. Дзяўчаты змогуць навучыцца старадаўнім танцам.

«Шатландская пяхота» разгарне свае шатры на два дні, і яны стануць сапраўным музеем пад адкрытым небам, дзе можна вывучаць культуру суровых горцаў ва ўсіх праявах. Адкрытыя, дабрадушныя, апантаныя гісторыяй, яны з задавальненнем падзеляцца з кожным сваімі ведамі і падораць вам выдатны настрой і шмат незабыўных уражанняў і ўспамінаў. І, магчыма, паспрабаваўшы стаць «шотам» аднойчы, вы і самі трапіце ў іх кагорту.

Оцените статью
MSTISLAW.BY — город Мстиславль