У старажытнай народнай традыцыі ўся прастора жылля, акрамя штодзённага бытавога прызначэння, мела рытуальнае, абрадавае. У беларусаў, як і ва ўсіх славян, асаблівае месца займалі куты хаты. Перад засяленнем у новы дом куты апырскваліся свянцонай вадой; пры ўваходзе ў хату ў час вясельнага абраду маладыя сыпалі зерне па кутах для забеспячэння дабрабыту сям’і; у час жалобнай трызны першую чарку віна і лыжку ежы вылівалі і кідалі ў кут для нябожчыка.
У жыллі існавала пэўная іерархія кутоў. Галоўнымі ў гэтай іерархіі лічылася два куты — чырвоны і бабін, якія ў хаце асабліва адзначаліся ў рытуальным плане.Калі на святы прыбіралі ў доме, вельмі чысцілі і мылі менавіта гэтыя месцы.Чырвоны кут меў найбольшае значэнне ў рытуальнай сістэме жыцця сельскай хаты.У ім знаходзіліся абразы, малельныя і святыя кнігі. Тут, на скрыжаванні лаў, у многіх хатах ставілі хлебную дзяжу як сімвал дастатку і дабрабыту. У час абраду зажынак і дажынак першы і апошні снапы ставілі на пачэснае месца, у чырвоны кут.
На покуці стаяў стол, які ў хаце таксама меў вялікае рытуальнае значэнне. Калі сям’я садзілася за стол есці, месца ў чырвоным куце займаў гаспадар дома. Калі ж у хаце быў паважаны госць, у чырвоны кут саджалі менавіта яго.З покуццю звязвалі ў хаце ўсё добрае. На Каляды тут вешалі саламянага «павука» — старажытны сімвал сонца, які, па павер’ях, прыносіў шчасце. Покуць дзейнічала ў розных народных прыкметах. На Каляды тушылі свечку і глядзелі, у які бок пойдзе дымок. Калі на покуць, то будзе ва ўсім прыбытак.
З покуццю звязваліся ўсе асноўныя падзеі ў жыцці чалавека — ад нараджэння да пахавання. Перад хрышчэннем кума па традыцыі клала немаўлятка — і менавіта хлопчыка, а не дзяўчынку — у чырвоны кут, на «гаспадарчае месца». На покуці ж знаходзіў чалавек і апошні прытулак у хаце: тут, пад абразамі, ставілі труну з нябожчыкам. Вельмі вялікую ролю покуць мела ў вясельным абрадзе. Са свяшчэннага месца — покуці — бацькі маладых бралі абраз для іх благаславення. Да абразоў падыходзілі ўсе пасля вясельнай вячэры, каб падзякаваць Богу.
Немалаважнае значэнне ў хаце меў і бабін кут. Ён знаходзіўся каля печы, таму меў яшчэ назву пячнога кута. Гэтае месца было “царствам” гаспадыні хаты, тут яна гатавала ежу, тут знаходзіўся ўвесь арсенал яе хатняга інструментарыя: паліцы з посудам, кухонныя прылады. Калі хлопчыка — немаўлятка перад хрэсьбінамі клалі ў чырвоны кут, то дзяўчынку — паблізу бабінага, пячнога кута. Гэтым падкрэслілася прызначэнне жанчыны ў хаце як гаспадыні, ахоўніцы дамашняга ачага. У пячным куце шаптала свае малітвы знахарка, калі лячыла каго-небудзь у хаце, тут гатаваў свае зёлкі ад сурокаў вясковы знахар, варажылі дзяўчаты, каб даведацца, ці доўга чакаць ім жаніха. Чырвоны і пячны куты былі ў хаце тымі пунктамі, вакол якіх арганізоўвалася жыццё, яны з’яўляліся рытуальным цэнтрам жыццядзейнасці сям’і.