Добрае жнівеньскае надвор’е сёлета спрыяла аграрыям. 25315 гектараў, што складае 90 працэнтаў плошчаў зерневых і зернебабовых, было практычна ўбрана без дажджу. Гэта садзейнічала і тэмпам работ, і больш якаснай і эфектыўнай рабоце зернесушыльных комплексаў па дапрацоўцы збажыны. Мсціслаўскія аграрыі намалацілі 88324 тоны збожжа пры сярэдняй ураджайнасці 34,9 цэнтнера з гектара.
Цяпер клопат, каб учарашняя непагадзь не зацягнулася і не сапсавала фініш уборачнай кампаніі. Без уліку ўчасткаў грамадзян, якім сельгаспрадпрыемствы традыцыйна аказваюць дапамогу ва ўборцы асабістых участкаў, можна гаварыць аб завяршэнні жніва ў ААТ «Кастрычнік», «МушынаАгра», «Мазалаўскае». Гаспадаркі выканалі дзяржзаказ, рыхтуюць насенны матэрыял азімых зерневых і зернебабовых, вядуць сяўбу рапсу. Лепшыя паказчыкі на гэтых работах у ААТ «Мазалаўскае» і «Мсціслаўскае райаграпрамтэхзабеспячэнне».
Камбайнераў АТТ «Мазалаўскае» Віталя Сівачэнку і Дзмітрыя Валодчанку падзякавалі за добрасумленную працу і высокія паказчыкі ва ўборцы ўраджаю старшыня абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Віктар Гейдаль, намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльных пытаннях і ідэалагічнай рабоце Ігар Мельнікаў і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Уладзімір Змушко. (на здымку).
Пяць магутных камбайнаў адкрытага акцыянернага таварыства «Натапа-Агра» працавалі ў панядзелак на пшанічным полі за вёскай Вялікая Слабодка. Намалаціўшы паўнюткія бункеры спелага збожжа, на ўскрайку поля спыняюцца два з іх. На абодвух — вопытныя камбайнеры, добрыя знаўцы хлебаробскай справы. Лідары сёлетняга жніва ў гэтым таварыстве, чые прозвішчы займаюць першы радок у спаборніцтве камбайнавых экіпажаў, Сяргей Маслакоў і Раман Сіліванаў.
Сяргей Васільевіч жыве ў Мсціславе, мае вышэйшую адукацыю і восьмы сезон з задавальненнем прыходзіць на дапамогу роднай гаспадарцы. Ён убірае збожжа на палетках, дзе да драбніц ўсё знаёма з дзяцінства. Яго напарнік Раман Сіліванаў таксама з мясцовых. Вучыцца на агранамічным факультэце Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. На рахунку экіпажа больш за 1500 тон збожжа.
На другім месцы па намалотах у гаспадарцы экіпаж Пятра Яцыка і Аляксандра Ладыгі, якія намалацілі больш за тысячу тон. Крыху адстае ад іх вопытны хлебароб Аляксандр Сокал, для якога жніво-2017 далёка не першае ў працоўнай біяграфіі. Разам з Аляксандрам Васільевічам на мосціку Павел Меньшакоў. Юнак у гэтым годзе скончыў Падсолтаўскі ВПК і паступіў у Буйніцкі каледж, плануе стаць прафесійным механізатарам.
— Даверыць пад наглядам штурвал камбайна Паўлу можна ўжо зараз, — гаворыць старшы камбайнер. — Хлопец вырас у механізатарскай сям’і, яго бацька Дзмітрый Віктаравіч таксама працуе ў гаспадарцы. З тэхнікай быў звязаны і дзядуля. Пагэтаму практычныя навыкі ў юнака добрыя, падмацуе тэорыяй і будзе слаўны спецыяліст, — дадае Аляксандр Васільевіч з веданнем справы. Дарэчы, у адным звяне на гэтым жа полі вёў свой камбайн і сын Аляксандра Сокала Руслан.
Сапраўдная працоўная дынастыя, і па народнай мудрай педагогіцы бацька, у якога намалочана больш, на фотаздымак для газеты прапаноўвае сына:
— Няхай маладзейшыя на сябе любуюцца, — з гумарам гаворыць ён.
Да размовы далучаецца вадзіцель Андрэй Шараментаў, які падагнаў МАЗ пад выгрузку. У асабістым заліку Андрэя Міхайлавіча амаль дзве тысячы дастаўленага на ток збожжа. — Імкнёмся выконваць патрабаванні перавозкі, укрываем кузавы з зернем тэнтам, каб пазбегнуць страт, — гаворыць вопытны вадзіцель. — Разумеем, што нават згублены кілаграм на кожным рэйсе, — гэта тоны хлеба ў агульным маштабе. Увогуле, вадзіцелям гэтага сельскагаспадарчага таварыства ў гэтым годзе ёсць на каго раўняцца: іх калега Мікалай Старчанка лідзіруе на адвозцы збожжа ў раёне. На рахунку Мікалая Іванавіча больш за тры тысячы тон.
На ўборцы збожжавых і рапсу вызначыліся:
ААТ «Мазалаўскае»
НЕСЦЕРАЎ Сяргей Сяргеевіч, старшы камбайнер, НЕСЦЕРАЎ Сяргей Аляксандравіч, камбайнер, якія на збожжаўборачным камбайне КЗС-1218 намалацілі збожжа і рапсу 1555,1 т, за апошні дзень — 60,1 т.
ІВАНОЎ Мікалай Ягоравіч, які на аўтамабілі МАЗ-555142 перавёз збожжа і рапсу 2500,6 т, за апошні дзень — 88,0 т.
МАСЛАКОЎ Сяргей Васільевіч, старшы камбайнер,СІЛІВАНАЎ Раман Віктаравіч, камбайнер, якія на збожжаўборачным камбайне КЗС-1218 намалацілі збожжа і рапсу 1501,4 т, за апошні дзень — 37,1 т.
СТАРЧАНКА Мікалай Іванавіч, які на аўтамабілі МАЗ-555142 перавёз збожжа і рапсу 3479,0 т, за апошні дзень — 112,5 т.