Хлебаробы Мсціслаўшчыны набліжаюцца да самай галоўнай сельскагаспадарчай кампаніі года — уборцы хлеба. У сельскагаспадарчым вытворчым кааператыве «Савецкая Беларусь» у сёлетняе жніво патрэбна ўбраць 5 600 гектараў зерневых і зернебабовых культур. Для гэтага ў работу будзе ўключаны 21 зернеўборачны камбайн. Прыме ўдзел ва ўборцы і маладзёжны экіпаж у складзе камбайнера Паўла Ісачанкі і яго памочніка Рамана Ткачова на КЗС-10. Нягледзячы на малады ўзрост, у П. Ісачанкі гэта будзе трэцяя жатва ў яго працоўнай біяграфіі. З’яўляючыся навучэнцам трэцяга курса Мсціслаўскага дзяржаўнага будаўнічага прафесійна-тэхнічнага каледжа, ён асвойвае прафесію механіка не толькі слухаючы тэарэтычны курс, але і атрымлівае практычныя веды, працуючы на камбайне. Гэту прафесію хлопец выбраў не выпадкова. Яшчэ з дзяцінства ў яго з’явілася цяга да тэхнікі. І прычынай таму бацька Алег Пятровіч, які таксама працуе ў гэтай гаспадарцы механізатарам і перадае свой вопыт валодання тэхнікай сыну. А тое, што Павел умее працаваць прафесійна, абыходзіцца з такой складанай тэхнікай, як камбайн, сведчаць яго намалоты за мінулую жатву, калі ўдалося быць запісаным у лік тысячнікаў, намалаціўшы больш 1600 тонн збожжа. І ў гэту ўборачную кампанію ён разлічвае атрымаць не меншы вынік. Добрым памочнікам у гэтым з’яўляецца Р. Ткачоў. Працаваць памочнікам Раману не ўпершыню. Яго бацька Генадзь Мікалаевіч — вядомы ў гаспадарцы камбайнер. У мінулае жніво яны працавалі разам з сынам сямейным экіпажам, таму вопыт працы ў апошняга ёсць.
— Маладзёжны камбайнавы экіпаж у складзе П. Ісачанкі і Р. Ткачова, я ўпэўнены, не ў чым не ўступіць і нашым вопытным камбайнерам, — характарызуе хлопцаў галоўны інжынер СВК «Савецкая Беларусь» Валерый Тарасевіч. — Да работы яны ставяцца з усёй адказнасцю, вераць у свае сілы.